13:52 ЛІТАРАТУРНАЯ СУСТРЭЧА ДА ДНЯ РОДНАЙ МОВЫ | |
19 лютага 2025 года ў чытальнай зале выступіў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык. Сустрэча з літаратарам была прымеркавана да Сусветнага дня роднай мовы. Аўдыторыю госцю склалі вучні 10 і 11 класаў медыцынскага і эканамічнага профіляў. Адкрыла мерапрыемства бібліятэкар ліцэя Іна Уладзіміраўна Балуева. У рамках мерапрыемства пісьменнік пагутарыў з моладдзю на тэму значэння роднай мовы ў жыцці чалавека і ў жыцці грамадства, асабліва, калі яно шматнацыянальнае, як у Беларусі. Перад тым, як пазнаёміць са сваёй творчасцю, Дзмітрый Мікалаевіч прапанаваў ліцэістам невялічкі майстар-клас па пераадоленні распаўсюджаных маўленчых памылак, заклікаў ставіцца беражліва і паважліва да нашых моў. Затым у выкананні творцы прагучалі аўтарскія вершы і эсэ. Паэт, публіцыст пазнаёміў прысутных з некаторымі выданнямі на беларускай мове, запрасіў ліцэістаў да супрацоўніцтва з абласной пісьменніцкай арганізацыяй. У ходзе літаратурнай сустрэчы, прысвечанай Сусветнаму дню роднай мовы, запрошаны госць, член СПБ Дзмітрый Радзівончык таксама пазнаёміў навучэнцаў установы адукацыі з такой мастацкай з’явай, як літаратурны пераклад. Дарэчы, дзякуючы перакладу айчыннай літаратуры з роднай мовы на іншыя мовы свету, яна пашырае сваю чытацкую геаграфію, ператвараецца з віда мастацтва ў эфектыўны сродак устанаўлення і ўмацавання добрасуседскіх сувязяў з народамі іншых краін. Паэт адказаў на пытанні зацікаўленай моладзі. У фінале сустрэчы бібліятэкар Іна Уладзіміраўна ўручыла госцю памятны падарунак. Удзельнікі мерапрыемства сфатаграфаваліся разам на памяць і дамовіліся працягнуць сяброўскія кантакты. Са святам, з Днём роднай мовы, сябры!
| |
|
Всего комментариев: 0 | |