Приветствую Вас, Гость

13:34
1 красавіка 2017-70 год з дня нараджэння А.Жука

 

 

 Алесь Жук - адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю. Сучаснасць ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці становіцца галоўнай тэмай яго прозы. Уся творчасць пісьменніка пазначана сапраўдным талентам, глыбокай праўдай жыцця, вастрынёй у пастаноўцы сучасных праблем. Невычарпальнай крыніцай творчага натхнення стала для Аляксандра Аляксандравіча Жука родная Случчына, дзе 1 красавіка 1947 г. у вёсцы Клешаў у сям'і служачага ён нарадзіўся. На самой справе, як сведчыць сам пісьменнік, дата яго нараджэння - 23 лютага, але ад "пашпартнай" даты 1 красавіка ён не адмаўляецца, бо гэта дзень Сафіі Слуцкай, а я "родом со Случчины", - гаворыць Алесь Жук.

    У 1965 г. ён паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Працаваў рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць", інструктарам ЦК КПБ, галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва", сакратаром праўлення СП БССР, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя", галоўным рэдактарам часопісаў "Нёман" і "Беларусь".

    У літаратуру Алесь Жук прыйшоў у сярэдзіне 60-х гадоў, але пісаць пачаў яшчэ ў школьныя гады і ў час вучобы ва універсітэце. Яго апавяданні "Сок манга", "Завулак", "Водсветы зорак", "Белы месяц", "Мужчыны", напісаныя ў студэнцкія гады, увайшлі ў яго першую кнігу "Асеннія халады" (1972). Ужо ў сваіх ранніх творах пісьменнік паказаў сябе тонкім псіхолагам, майстрам у раскрыцці чалавечых характараў, у паказе ўзаемаадносін паміж людзьмі. Гэта кніга адразу ж вывела А. Жука ў перадавыя шэрагі беларускіх празаікаў і, як потым аказалася, не толькі беларускіх: пра яго пачала пісаць усесаюзная крытыка.

    На працягу 1970-1980-х гг. з'явіліся арыгінальныя празаічныя зборнікі "Паляванне на старых азёрах" (1975), "Зоркі над палігонам" (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978, зняты мастацкі фільм "Палігон", 1983), "Не забывай мяне" (1978), "Па саннай дарозе" (1979), "Паўстанак вяртання" (1981, Літаратурная прэмія імя І. Мележа 1982), адметныя роздумам над пытаннямі жыцця і лёсу, складанасцю і разнастайнасцю характараў, арганічным спалучэннем трагізму з лірызмам.

    У 1982 г. пабачыла свет кніга прозы "Паляванне на Апошняга Жураўля". Клопат пра навакольнае асяроддзе, напоўнены выразным аналітычным роздумам, у спалучэнні з легендарна-казачнымі апавядальнымі элементамі-сімваламі прыдаюць твору сапраўды мастацкую значнасць. Па гэтай аповесці ў тэатры імя Янкі Купалы быў пастаўлены спектакль і ў 1986 г. знята мастацкая стужка.

    Новыя грані таленту Алеся Жука выявіліся ў аповесці "Чорны павой" (1986). Тут празаік упершыню ў сваёй творчай практыцы звярнуўся да прыгодніцка-дэтэктыўнага жанру, які карыстаецца шырокай папулярнасцю.

    Да самых значных твораў пісьменніка належыць і аповесць "Праклятая любоў", што ўвайшла ў аднайменны зборнік (1991, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1992) - яскравае сведчанне высокай творчай сталасці вядомага празаіка, добрага знаўца народнага жыцця і побыту, чалавечых лёсаў і характараў.

    З новых твораў А. Жука, напісаных у апошнія гады, вылучаюцца апавяданні "Душа над чыстым полем" і "Партызан", а таксама "Сны пра маму". Цяпер пісьменнік радзей звяртаецца да паказу паслядоўнай плыні жыцця. Яго больш цікавяць змены, што адбыліся ў чалавеку - і ў знешнім абліччы і ў духоўным. Ён даследуе стан душы, якой яна стала пасля жыццёвых выпрабаванняў. ""Сны пра маму", у параўнанні з папярэднімі творамі, напісаны больш раскавана, свабодна, у нязмушанай, асабістай манеры. Значыць творчая хада не прыпынілася, талент узнімаецца да новых, не асвоеных яшчэ беларускай літаратурай, даляглядаў" (Жук, А. Вечаровае сонца: выбранае / Алесь Жук; [прадм. У. Гніламёдава]. Мінск, 2006. С. 6.), - падкрэслівае літаратуразнаўца У. Гніламёдаў. Творы А. Жука грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове - гэта напружаны роздум над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, пакуты і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да зямлі. Усё гэта і дазваляе ўспрыняць творчасць А. Жука як арыгінальную і адметную з'яву сучаснай беларускай літаратуры.

Творы  <глядзець>

Бібліяграфія:

Т в о р ы  А. Ж у к а
    Выбраныя творы : у 2 т. / Алесь Жук ; [прадм. З. Прыгодзіча]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993-1994.
    Т. 1 : Праклятая любоў : (кн. аповесцяў). Апавяданні. - 559 с.
    Т. 2 : Аповесці. Апавяданні. - 590 с.
    Вечаровае сонца : выбранае / Алесь Жук ; [прадм. У. Гніламёдава]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. - 431 с.
    Над чыстым полем : аповесці, апавяданні / Алесь Жук. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1999. - 479 с. - (Беларуская проза XX стагоддзя).
    Водсветы зорак : выбранае : аповесці, апавяданні : [для ст. шк. узросту] / Алесь Жук. - Мінск : Юнацтва, 1997. - 351 с. : іл.
    Праклятая любоў : аповесць, апавяданні. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 269 с.
    Праклятая любоў : аповесць / Алесь Жук. Апошнія і першыя : аповесць-рэквіем / Барыс Сачанка ; [да зб. у цэлым : для ст. шк. узросту / маст. Ю.А. Яўменаў]. - Мінск : Юнацтва, 1996. - 334 с. - (Школьная бібліятэка).

 
А б  ж ы ц ц і  і  т в о р ч а с ц і  п і с ь м е н н і к а:
    Алесь Жук // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 443.
    Жук Алесь // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. / [пад рэд. А.В. Мальдзіса]. Мінск, 1993. Т. 2. С. 444-447.
    Алесь Жук // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік / [склад. А.К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 204-205.
    Гніламёдаў, У.В. Алесь Жук / Гніламёдаў У.В. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [рэдкал.: У.В. Гніламёдаў і інш. ; навук. рэд.: У.В. Гніламёдаў, С.С. Лаўшук]. Мінск, 2003. Т. 4, кн. 2. С. 542-565.
    Бугаёў, Дз. Нічога лішняга : (Алесь Жук) / Дзмітрый Бугаёў // Служэнне Беларусі : праблем. арт., літ. партр., эсэ, успаміны / Дзмітрый Бугаёў. Мінск, 2003. С. 364-380.
    Алесь Жук : [матэрыялы аб жыцці і творчасці / Г. Тычка і інш.] // Крыніца. 2001. № 1. С. 3-51.
    Грамадчанка, Т. Каб вярнулася песня… : літ. партр. А. Жука / Таіса Грамадчанка // Роднае слова. 1997. № 4. С. 4-19.
    Шаўлякова-Барзенка, І.Л. Сучасная беларуская проза: маральна-філасофская праблематыка (XI кл.) / І.Л. Шаўлякова-Барзенка // Беларуская мова і літаратура. 2005. № 3. С. 57-64. Са зместу: Алесь Жук. С. 61-64.
    Станюта, А.А. Сваё і чужое / Аляксандр Станюта // Плошча Свабоды : літ.-крыт. арт. / Аляксандр Станюта. Мінск, 1991. С. 84-113.
    Гл. с. 91-95.
    Прыгодзіч, З. Ад праўды побыту - да праўды быцця : слова да двухтомніка прозы А. Жука / Зіновій Прыгодзіч // Маладосць. 1992. № 7. С. 214-226.
Просмотров: 1642 | Добавил: Inessa | Теги: Жук Алесь, ИБЦ | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: