Музей Яўхіма Карскага.
Яўхім Фёдаравіч Карскі – славуты беларускі філолаг, у асобе якога спалучаліся мовазнаўца, літаратуразнаўца,фалькларыст, палеограф, бібліёграф, педагог, грамадскі дзеяч. Ён нарадзіўся 1 студзеня 1861 года ў сям’і настаўніка пачатковай школы ў вёсцы Лаша Гродзенскага раёна. Для Беларусі галоўным яго дзеяннем з’яўляецца стварэнне навукі пра беларускую мову, напісанне 3-томнай працы «Беларусы», дзе Я.Карскі ў першым томе змясціў «Этнаграфічную карту беларускага племені. Беларускія гаворкі», з гэтай карты у беларускім мовазнаўстве пачалася новая навука – лінгвістычная геаграфія. Сваю гісторыю музей Я. Карскага пачаў у 1964 годзе ў вёсцы Лаша Гродзенскага раёна. Ён быў створаны дзякуючы гродзенскаму краязнаўцу і педагогу Апанасу Пятровічу Цыхуну. А ў 1995 г. настаўнікамі і вучнямі гімназіі пры падтрымцы дырэктара гімназіі Р.І. Можджэр і А.П.. Цыхуна, частка экспанатаў лашанскага музея была перанесена ў гімназію №1. Так яны былі выратаваны ад страты, і на іх падставе музей быў адноўлены.
Вы можаце спытаць: чаму менавіта ў школе-гімназіі №1 працягнуў свае існаванне музей? Справа ў тым, што на пачатку працы школы-гімназіі у 1990 г. (тады №30) на сходзе настаўнікаў з’явілася прапанова аб наданні нейкага імя навучальнай установе. Настаўнікі прадставілі двух вядомых асоб – Пятра Міронавіча Машэрава і нашага земляка Яўхіма Фёдаравіча Карскага. У выніку галасавання педкалектыву, другая кандыдатура набрала большую колькасць галасоў. А ўжо пасля гэтага сходу ўзнікла ідэя стварыць музей Я.Ф. Карскага. Стварэнне музея стала пачаткам шэрагу традыцыйных творчых спраў у гімназіі. На базе музея была арганізавана дзейнасць юных экскурсаводаў. Гэтай творчай працай займаліся выкладчыкі Т.І. Еўтух, І.Ф. Прытульчык, А.М. Зянько, В.Р. Карнялюк. Сёння ў экспазіцыі музея знаходзяцца асабістыя рэчы вучонага: пяро, прэспап’е, друкарка, чарнільніца, а таксама прыжыццёвыя выданні кніг Карскага па праблемах мовазнаўства і этнаграфіі. Вакол музея сфарміравалася пэўнае кола творчых людзей горада. Гэта біёлаг Андрэй Майсеёнак, краязнаўца Алесь Крой, філолагі Павел Сцяцко і Марыя Канюшкевіч, каваль Юрась Мацко. Менавіта яго падарунак – жырандоль – стаў сапраўдным упрыгожваннем музею.
Жырандоль, якую стварыў каваль Юрась Мацко Душою музея доўгі час, да канца свайго жыцця, заставаўся яго стваральнік Апанас Пятровіч Цыхун. Да сталага ўзросту ён меў сілы і энергію да актыўнага жыцця. Апанас Цыхун у 2005 годзе пайшоў з жыцця, і яго спадчына сёння актыўна даследуецца. У музеі Я.Карскага ёсць стэнд, прысвечаны і Цыхуну. Тут – яго вершы, сямейныя фота, асабістыя рэчы.
У музеі ёсць кніга для гасцей, дзе пакідаюць сваі аўтографы і прыемныя словы на адрас музея знакамітыя асобы і простыя наведвальнікі. Сотні экскурсантаў з розных краін пакінулі ў кнізе словы ўдзячнасці і цеплыя пажаданні. Другая частка музея называецца «Беларуская хатка». Тут можна ўбачыць розныя рэчы, якімі людзі карысталіся ў хатняй гаспадарцы. Некаторыя з прадстаўленых рэчаў і зараз можна сустрэць у вёсцы. Культурная каштоўнасць музею Я.Ф. Карскага ў гімназіі №1 на сёння яшчэ не цалкам ацэнена. Патэнцыял музея дае магчымасць для арганізацыі і падтрымкі выхаваўчага працэсу гімназіі як сапраўднай кавальні грамадзян сваёй краіны. З 18 студзеня ў Гродзенскім універсітэце пройдуць «Карскія чытанні», якія рэгулярна праводзяцца пад кіраўніцтвам выкладчыцы Марыі Канюшкевіч.
21 студзеня 2010 | Аксана Савашынская